На крок назад, на дзень наперад (зборнік). Сяргей Календа. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Сяргей Календа
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2013
isbn: 978-609-8075-17-5
Скачать книгу
ннае віно «Крыжачок», гульні ў фішкі й бутэлечку, налепкі з Чарапашкамі-ніндзя, круглыя кардонкі з голымі цёткамі, якія трэба было мачыць у вадзе (мы іх сьлінілі языком), тады станік на іх раствараўся – і ты меў некалькі сэкундаў, каб пабачыць сыліконавыя грудзі. Першыя прыстаўкі "Sega Mega Drive – 2", першыя гульні на іх, якія доўжыліся па некалькі сутак: "Super Mario", "Jurassic Park 1, 2, 3", "Mortal Kombat", "Golden Axe", «Sonic», і, вядома, рознага кшталту стратэгіі, да прыкладу «Doom» ці такія гульні, як "Зорныя войны". Якасьць гульняў была вельмі нізкая, нават сучасны калькулятар мае больш функцыяў і выглядае прывабней, але ў тыя часы гэта нікога не турбавала. Нават той факт, што тэлевізар "Віцязь" быў здольны паказваць прыстаўкавыя гульні толькі чорна-белымі, таксама ня меў значэньня. Пасьля «Тэтрысу» гэта было наступнае захапленьне ў дзяцінстве.

      Жыцьцё, якое падавалася тады досыць бесклапотным, цяпер бачыцца цалкам іншым. Я памятаю, як бацькам было цяжка з грашыма, калі Перабудова скончылася, калі тата вымушаны быў працаваць па некалькі зьмен запар на аўтазаводзе, і ён пачаў піць, і ў свае дваццаць восем стаўся майстрам гэтае справы. Я ў сямʼі быў раньнім дзіцём, і я трохі разумеў становішча бацькоў. Матуля таксама днямі працавала. І мяне дагэтуль зьдзіўляе, якім чынам яны знаходзілі вольны час і грошы, каб адвесьці мяне ў гурток альбо ў чарговую творчую школу. Мае бацькі рана пачалі сямейнае жыцьцё й не пасьпелі атрымаць пэўнай адукацыі, з усёй моцы імкнуліся даць мне ўсе магчымасьці для самарэалізацыі, таму, пачынаючы з чатырох гадоў і да дзевятнаццаці, я спрабаваў у жыцьці амаль усё.

      Краіна вызвалілася ад савецкай улады й атрымала незалежнасьць, але цуд дзяцінства хаваецца ў тым, што яно не заўважае такіх дробязяў, як Перабудова, Рэвалюцыя альбо аўтарытарызм. Дзяцінства выдатна памятае першы замежны ровар-"горнік", першую рагатку, першы пацалунак з дзяўчынкай, першую цыгарэту, першае віно, першае каханьне, першае хобі, першыя фанцікі й жуйкі. Тое, што краіна магла разваліцца, а культура зьнікнуць, было неістотна. Нашае пакаленьне толькі пачынала жыць, і нам хацелася ўсяго таго, што мы бачылі ў новых каляровых тэлевізарах, усяго, што прапагандавала рэкляма й прадавалі шапікі ― ад модных цыгарэт да "сьнікерса". Хацелася жыць, як Мішкі Гамі альбо Дональд Дак, у цудоўным сьвеце "Уолта Дыснэя", які ствараў новую прастору, робячы нас няўдалым пакаленьнем зь незразумелымі разьбітымі марамі, з надзеямі й пʼянымі жаданьнямі ўсяго яскравага й замежнага, усяго таго, чаго бракавала ў шэрыя крызісныя часы. Мы імкнуліся кімсьці быць, мы імкнуліся да назапашваньня навыкаў і ведаў, якія ў будучыні разабʼюцца аб сьцены непаразуменьня й непатрэбнасьці. Хоць цяпер выходзь на вуліцу з апытаньнем, і кожны з нашага пакаленьня апынецца няўдалым эканамістам, бухгалтарам, юрыстам, тым самым адукаваным варʼятам, які ахвяраваў свае школьныя і ўнівэрсытэцкія гады на нікчэмную адукацыю, каб потым ня мець магчымасьці кудысьці ўладкавацца на працу, бо патрэбны вопыт, альбо ты проста той самы чарговы чалавек з пакаленьня "бэбі буму", з пакаленьня Перабудовы, і вас такіх зашмат на адно працоўнае месца. Так, зашмат вас, тых самых, з пакаленьня ружовых мараў, з пакаленьня першых каштоўных фанцікаў з-пад жуек і першых гульнёвых прыставак, у часіны, калі краіна амаль сканала, як той сабака…

      2

      Калі я патрапіў у спартовую залю па барацьбе дзюдо, мне адразу гэтае месца дзіка не спадабалася, бо ад матаў, якія зьмякчалі падзеньні барцоў, моцна й канцэнтравана пахла потнымі нагамі, і ня проста потнымі нагамі, але МУЖЧЫНСКІМІ потнымі нагамі, бо, як я адразу пабачыў, дзяўчат там не было, акрамя адной прыблуднай, якая цалкам выдавала на задзірлівага хлапчука.

      Дык вось, маё знаёмства са спортам пачалося менавіта з гэтых матаў, якія анучай мыла прыбіральшчыца, прыціснуўшы мяне да сьцяны сваёю тоўстаю дупаю. Мыла яна маты і прыгаворвала: "Вось паскуды, пяску нанесьлі! Дзе яны тут пясок знайшлі?!" Міма яе велізарнага цела паціху пачалі прашчэмлівацца дзюдаісты, кіруючыся ў распранальню.

      Падышоў настаўнік, і мама, узяўшы мяне за руку, прамовіла:

      – Добры дзень, Ігар Юліянавіч, я вам тэлефанавала наконт майго сына, ці ёсьць у вас магчымасьць і вольнае месца для яго? – і мама павярнула галаву ў мой бок, прамовіла. – Павітайся ж з настаўнікам!

      – Добры дзень, Ігар Ю-ю-вю-ве-ва-валяр… – крыху зьбянтэжыўся я, – мяне клічуць Гераня.

      – Добры-добры, але, прабачце, я яго не вазьму. Колькі ж яму год? – адвёў ад мяне вочы настаўнік.

      – Цяпер чатыры, але хутка будзе з паловай.

      – Я ж вам яшчэ па тэлефоне сказаў, што ён замалы, я бяру дзяцей з шасьці-васьмі год.

      – Але, шаноўны майстар-настаўнік, у вас тут усходнія адзінаборствы, і вы мне кажаце пра ўзрост? Хіба філязофія барацьбы ня кажа пра тое, што дзюдо мусяць займацца з нараджэньня?

      З мамай цяжка было спрачацца, асабліва калі яе зацікаўленасьць у нечым была надта высокай. У выніку мяне запісалі на трэніроўкі, а празь некалькі тыдняў бацькі недзе дасталі сапраўднае кімано з выяваю Бруса Лі на сьпіне, які нагою бʼе ў падбародзьдзе жудаснага тыгра. Я быў у захапленьні й нават не пытаўся, адкуль кімано, адкуль гэтая раскоша, калі ў нас часта не было нават гарбаты і тата раніцою вымушаны быў піць разбаўленае кіпнем сочыва, а на працу браць