Зрэшты, я быў цалкам цвярозы, калі антыквар Шура прапанаваў набыць у яго казацкую шашку. Начорта мне тая шашка? Але ж я ўзяў яе ў правую руку і ўзважыў. І тут са мною пачало адбывацца нешта неверагоднае: я на ўласнай скуры адчуў якасны скачок чалавека вайсковага ад каменнага нажа да казацкай шашкі.
Я ўзняў яе і з усёй моцы секануў паветра. Шашка апісвала дугу, а прад маімі вачыма пралятала ўся гісторыя казацтва з бунтамі, з рэвалюцыямі, са змаганнем за незалежнасць бязмежнага Казакстану пад штандарамі атамана Краснова, які маліўся д’яблу, бо не верыў, што Бог дапаможа яму ў вайне. Шашка праляцела ў якім міліметры ад маёй нагі і спынілася. Як я не адсек сам сабе нагу? Чорт яго ведае. Адно зразумела, што Шура мне больш не прапаноўваў ні шашак, ні шабляў.
Агнястрэльную зброю мне таксама ніхто не прапаноўваў, дый не люблю я яе. Да стрэльбаў, рэвальвераў і пісталетаў з аўтаматамі я раўнадушны цалкам, хіба што балістычная ракета мяне крыху хвалявала. У нашай сям’і быў чалавек – дзядзька Саньдзя, які ўзначальваў ахову такой ракеты. База мясцілася ў Казахстане. І з Казахстана гэтай ракетаю можна было зруйнаваць Пекін альбо Нью-Йорк. Такі маштаб разбурэнняў мяне хваляваў. Але хваляваў ён мяне значна меней, чым вострая дзюбка нажа над уласным кулаком. Калі я бачу свой кулак з заціснутым у ім нажом, у мяне ўсяляецца Нажавік – жорсткі бог спрадвечнай вайны. Мо таму і нельга беларусу прымаць нож у якасці падарунка? Мо таму і трэба плаціць за нож наперад? Я плачу.
І гэтым разам я заплаціў жанчыне, якая вырашыла падарыць мне нож. Я заплаціў, паклаў нож у кішэнь, і мы пайшлі на паўзабаронены мітынг.
6. Мацюк
Ці ёсць у беларускай мове мат? Хіба гэта важна?.. У белмове ёсць мацюк! Дакладна. У нас маецца мацюк, і не адзін мацюк, а безліч моцных мацюкоў, такіх моцных, што яны здатны з жанчыны зрабіць мужчыну. Доказы? Зараз будуць…
Пачну з Масквы – гнязда рускіх шматпавярховых матаў. Запрасілі мяне туды на фестываль сусветных культур. Карэйцы з манголамі, палякі з немцамі, венгры з уетнамцамі фестывалілі па поўнай праграме. У балгарскай амбасадзе культурны інтэрнацыянал дарваўся да ракіі. Першую паўлітровую пляшку я выпіў з хахлом Гырнікам, другую выжлукціў з маскалём беларускага паходжання Казакевічам, трэцюю я нёс у кішэні, каб высмактаць з паэтамі метаметафарыстамі. Быў мароз, моцны вецер згінаў людзей напалам, а я ішоў, высока ўзняўшы галаву, бо, нахіліся я хоць крыху, і ўся мая шматкаштоўная ракія апынецца пад нагамі.
Прыйшоў