– Ягораўна, дзе было знойдзена цела?
– У Штэйнавым флігелі, – з гатоўнасцю адказала яна.
– Калі яго знайшлі?
– Зранку, фурманаў сын прыбег ды сказаў, што пабачыў у флігелі мерцвяка.
– Паклічце-ка яго сюды, – загадаў пан Пракшын. Аканомка гукнула ў бок памяшканняў, дзе месцілася прыслуга, і ў холе з’явіўся хлопчык з трохі задужа затурбаваным для свайго ўзросту позіркам.
– Ты знайшоў мерцвяка? – запытаўся Канстанцін Мікалаевіч, нахмурыўшыся.
– Я…
Хлопчык адказваў нясмела, губляючыся перад панам, з якім раней яму размаўляць не даводзілася.
– Ну дык распавядай, галубчык, – пан Пракшын патрабавальна ўтаропіўся ў малога.
– Дык што распавядаць, я зраніцы пабег па бацьку, а там той мярцвяк…
– Дзе там? – удакладніў Канстанцін Мікалаевіч.
– У хлігелі.
– То дзверы былі адчыненыя, ты зайшоў унутр і ўбачыў мерцвяка?
– Не, я ўнутр не заходзіў, праз акенца зірнуў, а там гэты…
Хлопчык апусціў галаву, быццам у нечым баяўся прызнацца, а потым працягнуў:
– Я спужаўся, што гэта бацька ляжыць, і пабег назад у дом паклікаць каго-небудзь.
– А там хто аказаўся?
– Не ведаю, ніхто не ведае. Нейкі чужынец.
– А што ж ты вырашыў, што гэта твой бацька? – пан Пракшын прыжмурыўся, выпрабавальна гледзячы на хлопчыка.
Той спадылба зыркнуў у адказ і няхочучы прабубнеў:
– Увечары ён сказаў, што пабачыў у хлігелі разам са Штэйнам нейкага чалавека. Маўляў, яны там крычалі ды валтузіліся. То бацька і пайшоў паглядзець, што там робіцца, але не вярнуўся.
– Значыцца, увечары ён не вярнуўся, а заўважылі вы гэта толькі раніцай?
– Маці на яго сердавала, то і не чакала, калі ён вернецца.
– А чаму маці сердавала?
Малы няпэўна пацепнуў плячыма.
– Ну добра, мо тады пакажаш, як ты што знайшоў? – зноўку звярнуўся да яго пан Пракшын.
– Да хлігеля правяду, а ўнутр не пайду, – трохі павагаўшыся, пагадзіўся хлопчык, а потым перажагнаўся: – Мерцвякоў жах як баюся.
Яны рушылі з дома на двор. Тэдзі, пацягнуўшы носам праз прачыненыя парадныя дзверы прывабнае восеньскае паветра, кінуўся следам, аднак панна Пракшына спыніла яго і зноўку перадала непрыхільнай Ганне Юр’еўне, якая вырашыла вымесціць на ім сваё незадавальненне гаспадарамі, што ніяк не жадалі слухаць яе парадаў. Яна пайшла купаць няшчаснага psa, які падобныя executions[30] лічыў за абразу яго гонару, а Яўгенія Канстанцінаўна, прытрымліваючы крыссе, каб ушчэнт не запэцкацца па прыкладзе свайго гадаванца, зноў спяшалася за бацькам. Тым часам пан Пракшын падышоў да калёс, што з’явіліся на дварэ з ніадкуль. Вакол іх мітусіліся нядаўнія захопнікі маёнтка. Дзятлікаў усё яшчэ задзірліва касавурыўся на Канстанціна Мікалаевіча, які, нават не зірнуўшы