– Нічога ты не сапсавала. Воск астыне, і я яго счышчу, – супакоіў яе Міхал.
– Сапраўды?
– Ну зразумела.
– А адкуль у цябе гэта кніга? – спытала дзяўчынка.
– Мне яе бацька падарыў. Ён наогул вельмі любіў кнігі і намагаўся купляць іх, калі трапляліся добрыя, хаця гэта і дорага.
– У нас таксама такія кнігі дарагія.
– Праўда? А ўвогуле кніг шмат?
– Ага, толькі не ўсе добрыя.
– Зразумела, – сказаў юнак. – Глядзі, воск ужо астыў. Ён узяў нож і акуратна саскроб воск з кнігі.
– А пляма ўсё роўна засталася, – засмуцілася Бася.
– Лухта, гэта ж усяго толькі вокладка. Галоўнае, што старонкі цэлыя.
– Ну так. А як княгіня?
– Добра, – усміхнуўся Міхал. – А чаму ты пытаешся?
– Цікава ж! Не кожны дзень я ў мінулае трапляю, – рассмяялася дзяўчынка. – А куды яна ездзіла?
– Наведвала іншую княгіню, – растлумачыў Міхал.
– А-а-а, – зразумела кіўнула Бася. Крыху памаўчаўшы, юнак паведаміў:
– Зараз будзьма вячэраць. Карміцелька нешта доўга гатуе – ужо так есці хочацца.
Дзяўчынка фыркнула.
– Я ж казала, што трэ было добра паснедаць, – нібы між іншым прамовіла яна.
За дзвярыма пачуліся крокі, і ўжо знаёмы Басі голас карміцелькі сказаў:
– Міхалачак, дапамажы мне – адчыні дзверы, а то паднос цяжкі.
Міхал кінуўся да дзвярэй і, ледзь прачыніўшы іх, праслізнуў у вузкую шчылінку.
– Карміцелька, давай я сам, – сказаў юнак.
– Чаму гэта?
– Ну… Навошта табе гэты паднос цягаць? Сама ж казала, што цяжкі.
– З чаго б ты так пра мяне клапаціцца стаў! – усклікнула кабета.
– Не, давай я ўсё ж такі сам яго занясу, – настойваў Міхал. – Тым больш што я там на стале кніжкі расклаў.
– Дык што з таго? Мне зараз нельга да цябе ў пакой заходзіць?
– Ды не, карміцелька, ну што ты? Проста я… – юнак не ведаў, якую прыдумаць адгаворку. – Паслухай, калі мы з табой далей будзем спрачацца, вячэра астыне.
– Хм, што, цікава, ты ад мяне такое хаваеш? – падазрона спытала кабета.
– Нічога я не хаваю. Проста стаміўся і хачу есці.
– Ну-ну, – карміцелька ўручыла Міхалу паднос і сышла.
Ён праціснуўся з падносам у пакой і нагой зачыніў за сабою дзверы.
– Вось настырная! – паскардзіўся Міхал. – Як што не так, яна адразу панапрыдумвае сабе немаведама чаго і давай мяне дапытваць.
– Напэўна, яна за цябе турбуецца, – з усмешкай выказала меркаванне Бася.
– Навошта за мяне турбавацца? Я ж ужо сталы мужчына, – прабурчаў Міхал.
Гэта смелая заява надта рассмяшыла дзяўчынку, яна задушылася кавалкам смажаніны і закашлялася. Міхал толькі непрыхільна скасавурыўся на яе. Але Бася ніколькі не збянтэжылася, а, урэшце адкашляўшыся, паглядзела на юнака бязвіннымі вачыма.
Скончыўшы вячэру, Міхал і Бася прыняліся