Цыкл гутарак, прамоўленых уладыкам Антоніем адмыслова для аўдыторыі ў Расіі (жнівень 1995 г.), дапоўнены двума тэкстамі: выступам на тэму духоўніцтва (2-я Міжнародная канферэнцыя напярэдадні святкавання Тысячагоддзя Хрышчэння Русі, 1987 г.) і гутаркай пра хрысціянскае жыццё ў лонданскім прыходзе (травень 1990 г.). Нагадаем, што ўладыка Антоній ніколі не пісаў сваіх тэкстаў, а прамаўляў «ад сэрца да сэрца», з глыбіняў свайго досведу жыцця з Богам, шчодра дзелячыся з кожным чалавекам усім, чым жыў сам. Гэтае выданне – пераклад гутарак мітрапаліта Антонія на беларускую мову – з захаваннем аўтарскага стылю жывога маўлення, звернутага непасрэдна да суразмоўцы. Даклад пра духоўніцтва друкуецца ва ўхваленай аўтарам рэдакцыі (ён перавыдаваўся неаднаразова). Гутарка пра хрысціянскае жыццё друкавалася ў зборніку «Шляхі хрысціянскага жыцця» (М., 1998).
Пра хрысціянства
Мне прапанавана тэма пра хрысціянства: што значыць «быць хрысціянінам» і як быць хрысціянінам у сучасным свеце.
У нейкім сэнсе, быць хрысціянінам вельмі проста. Хрысціянін – гэта вучань і сябар Хрыста; два гэтыя паняцці сумежныя, хоць ёсць і адрозненні. З аднаго боку, мы – вучні Хрыстовыя, ягоныя паслядоўнікі, і пагэтаму павінны вучыцца ад Яго праз Евангелле таму, у што Ён верыць, таму, як Ён вучыць нас жыць. Я не выпадкова скарыстаў выраз «у што Ён верыць». Неяк у Расіі малады афіцэр на прыступках маскоўскага гатэля «Украіна» запытаўся ў мяне: «Добра, вы верыце ў Бога. А вось Бог – у што Ён верыць?». І я яму адказаў: «Бог верыць у чалавека».
Гэта найпершы момант у хрысціянскім жыцці: разам з Богам верыць у чалавека, пачынаючы з сябе самога. Хрыстос не выпадкова гаворыць, што мы павінны любіць бліжняга, як самога сябе. Любіць – значыць быць гатовым рабіць усё магчымае дзеля таго, каб любімы чалавек радаваўся ў жыцці, рос у поўную меру сваіх здольнасцяў і быў варты свайго чалавечага звання. Таму першае, чаму нас вучыць Хрыстос, калі мы становімся ягонымі вучнямі, гэта – верыць у чалавека, спадзявацца на ўсё ад яго і любіць яго, нават коштам уласнага жыцця.
Зноў-такі, калі я кажу «коштам уласнага жыцця», гэта не абавязкова значыць смерць, таму што можна цэлае жыццё аддаць дзеля аднаго чалавека альбо якой-небудзь групы людзей без таго, каб памерці ад гэтага, у простым сэнсе слова, цялесна. Пакутнікі паміралі целам, гэтым сведчылі аб сваёй веры ў Хрыста. Але мы часта павінны выміраць і паміраць дзеля таго, каб іншы чалавек мог дыхаць вольна, ажыць, знайсці прастору ў сваім жыцці. Інакш кажучы: павінны ахвяраваць сабою, забыць пра сябе дзеля таго, каб памятаць пра іншага чалавека. Ніхто не мае большай любові, чым той, хто жыццё сваё гатовы аддаць дзеля свайго бліжняга. А жыццё можа быць доўгім, цяжкім, калі чалавек не думае ні аб чым, што датычыць яго, а толькі пра мажлівасць служыць іншаму чалавеку, іншым людзям. Гэта першы крок: быць вучнем Хрыста – значыць верыць у чалавека; як у сябе, так і ва ўсіх іншых.
Але верыць – значыць, мы перакананыя, што ў кожным чалавеку ёсць святло, ёсць дабро. Святло ў цемры свеціць; цемра не заўжды гэтае святло прымае, але цемра не ў стане агарнуць альбо згасіць святла. Святло мае самабытнасць, моц, жыццё; а цемра ж – адсутнасць усяго гэтага; гэта вельмі важна сабе ўявіць.
Вядома, акрамя гэтага мы знаходзім у Евангеллі шмат указанняў на тое, якім чынам ажыццяўляць сваю веру ў чалавека разам з Богам, як мы можам разам з Богам спадзявацца да апошняга імгнення на тое, што нават злачынца можа стаць вартым свайго чалавечага звання. І гэта адбываецца. Здараецца, што чалавек пражыве нягодна ўсё сваё жыццё, а апынуўшыся сам-насам з верагоднасцю смерці, больш за тое, з пэўнасцю, што смерць яму пагражае, ураз апамятаецца і стане зусім іншым чалавекам. Чалавек можа пражыць злачынцам і памерці праведнікам. Гэта мае на ўвазе святы Серафім Сароўскі, калі гаворыць пра тое, што пачатак жыцця, раннія гады дзяцінства і канец жыцця – пераважна спакойныя, светлыя і гожыя, аднак у сярэдзіне жыцця бывае суцэльная бура. З гэтым мы мусім лічыцца, калі думаем пра сябе і пра іншых.
Часта гавораць: дзеля таго, каб быць хрысціянінам, трэба выконваць запаведзі Хрыста. Безумоўна, аднак запаведзі Хрыста – не загады, якія Ён нам дае: маўляў, трэба пражыць так, трэба пражыць гэтак, а калі пражывеш такім чынам, то будзеш за гэта пакараны… Не, запаведзі Хрыста – гэта Яго спроба нам вобразна паказаць, якімі б мы маглі быць, калі стаць і быць сапраўдным, годным чалавекам. Таму запаведзь Хрыста – гэта не